ГІМН ДЗЯРЖА́ЎНЫ,

афіцыйная ўрачыстая песня, якая разам з гербам дзяржаўным і сцягам дзяржаўным з’яўляецца сімвалам дзяржавы. Выконваецца ў асабліва ўрачыстых выпадках (агульнанац. святы, афіц. цырымоніі і інш.). У Рэспубліцы Беларусь у якасці Гімна дзяржаўнага дзейнічае Гімн дзярж. БССР (тэкст М.Клімковіча, музыка Н.Ф.Сакалоўскага), зацверджаны Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 24.9.1955. З набыццём статуса суверэннай дзяржавы ў 1991 прынята рашэнне аб падрыхтоўцы новага тэксту і музыкі Гімна дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, якія адлюстроўвалі б спрадвечнае імкненне бел. народа да свабоды і незалежнасці, да ідэалаў гуманізму, дабра і справядлівасці.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)